ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.

А.М.Кулагін.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)